Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЛЮЛІ, ЛЮЛІ, МУЖЫЧОК!

Шуміць шумненька барок
Песьняй жаласьнянай;
Люлі, люлі, мужычок!
Сьпі — ўставаць зарана!

Яшчэ поўнач пятухі
Першыя ня пелі;
Твае коні-валахі
Сена не паелі.

Шыпяць, сьвішчуць па лугох
Вужы, скарпіякі,
А па стайнях, па хлявох
Лазяць ваўкалакі.[1]

Ведзьмы, совы, кажаны
Круцяцца, лятаюць,
На сваіх бацькоў сыны
Залом заламляюць.

Зьмей панёс чараўніком
Грошы ад скупога:
Ваўкі выюць пад лясом,
Аж ляціць трывога.

Шуміць шумненька барок
Песьняй жаласьнянай;
Люлі, люлі, мужычок!
Сьпі — ўставаць зарана!

Яшчэ вокал цемната
Над сьветам пануе, —
Яшчэ міласьць, дабрата
Людзей не раўнуе…


  1. „Ваўкалак“ — парасійску, „Оборотень“, паўкраінску „Перевертень“, узяты поэтаю з народных павер‘яў і ўжыты для большай вобразнасьці. Рэд.