Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЭЙ, СКАЖЫ, МУЖЫЧОК!..

Эй, скажы, мужычок,
Дзе ты долю падзеў? —
Ці ўтапіў ў ручаёк,
Ці прапіў, ці праеў?

Ці змарозіў ў мароз?
Ці у лапцях стаптаў?
Ці на рынак завёз,
На хлеб дзецям прадаў?

Ці зарэзаў касой?
Ці сахой заараў?
Ці рыдлёўкай цяжкой
У зямлю закапаў?

Ці на жэрдку у плот
Сьпілавала піла?
Ці загрыз яе плот?
Ці сьляза заліла?

Мо‘ ў заставу аддаў,
Як падаткі плаціў?
Можа пан не дадаў,
Як за працу плаціў?

Ці адбіў яе град,
Як жытцо адбіваў?
Ці табе яе бог,
Як радзіўся ня даў?

Дык скажы, мужычок,
Дзе ты долю падзеў? —
Ці ўтапіў ў ручаёк,
Ці прапіў, ці праеў?