Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А ТЫ, БРАЦЕ, СЬПІ!

Вясна. Сонца узыходзе,
Сьвеце на зямлі;
Дух збудзіўся у народзе, —
Усталі, пайшлі.

Ёсьць і працы, ёсьць і поту, —
Спаць няма калі!
Дружна валяць на работу, —
А ты, браце, сьпі!..

Сьпі, на сьлёзы і на гора
Рукою махай;
Хоць зрабіў-бы ты з іх мора,
А кажы: няхай!

Няхай тыя уставаюць
Рана да зары,
Што свабодачку кахаюць! —
А ты, браце, сьпі!..

Недастатак госьце ў хаце,
З крыўдаў дух замёр;
Дзеці, жонка шлюць пракляцьце…
Ты-ж, як той тапор!

Дрэмле сошка, і адлогам
Шнур ляжыць даўгі;
Ржа касу есьць пад парогам…
А ты, браце, сьпі!

Сьпі, а можа хто заблудзе
У твой бедны край,
І цябе з душой разбудзе, —
Крыкне: „Уставай!“

Ты на гоман той народны
Паходню бяры
І другіх будзі з паходняй!..
А мо‘ лепей… сьпі?!.