Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З ПЕСЕНЬ БЕЗЬЗЯМЕЛЬНАГА

Ох, як гляну, гляну я
На жыцьцё паганае,
Ціснуць думы знаныя,
Жалем выліваныя.

У цябе, саколіка,
Ані свайго полейка,
Ані свайго воліка,
Ані свайго століка.

Ходзіш ты вячорамі
З ціхаю пакораю,
Бачаць неба з зорамі,
Полейка з разорамі.

І клянеш напэўнае
Гора неразьвейнае,
Долю пустасейную,
Долю безьзямельную.

Толькі думы думныя
Чуюць хмары буйныя,
Хвойкі, елкі шумныя
Дый ня людзі чуйныя.

Вось, як гляну, гляну я
На жыцьцё паганае,
Бачу ўсё мне знанае,
Сьлязьмі паліванае.