Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Бясхлеббе глухое
На стале засядзе,
Яго з дзецьмі, з жонкай
Пасвара, павадзе.

У карчму загоне
На гора-забаву,
Кажушок, бравэрку
Даць скажа ў заставу.

Сьвісьне ў хаце холад,
Сьвісьне папацёмку,
А ў бары у панскім —
Сосна у сасонку.

І шумяць сасонкі
Мужычку над вухам:
Кінь смутныя думкі,
Кінь ды будзь ты зухам.

Надыйдзе гадзіна, —
Зямелькі прыбудзе,
Запануе доля
У бедным у людзе.

Мужычок сасоньнік
Чуе і ня чуе,
Арэ й ціха плача,
Аб долі бядуе:

Ня шумі, бор панскі,
Так удзень і ўночы,
Пакуль сонца ўзыйдзе,
Раса выесьць вочы.

Раса выесьць вочы,
Пот цела паране;
Пакуль будзе ў хаце
Долі панаваньне.

|}