Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НА СТАРУЮ НОТУ

Сьвеце месяц, сьвеце
З вечара да рана,
Арэ мужык поле
Не сваё, а пана.

Не сваё так поле
Мужычок пахае,
Бо сваёй зямелькі
Так нямнога мае.

Пахае, пахае
І галосіць песьні,
Ўвесь потам пакрыты,
Ўвесь крывавай плесьняй.

У даль у шыроку
Гоне думкі роем,
Гоне іх і ў прышласьць
Глядзіць з неспакоем.

Вось надыйдзе восень,
Двор багацьце зложа,
Будуць поўны торпы
І сена і збожжа.

Весела пан з паняй
Едзе заграніцу,
Мужыку-ж хоць зубы
Злажы на паліцу.

Аручы чужое
Ад Юр‘я да Спаса,[1]
Сабе й не згарусьціў
К восені запасаў.

  1. Сьвята Юр‘я поэта бярэ, як звычайна прынята ў хлебаробаў, пачаткам працы на полі, не прыдаючы яму ніяхага рэлігійнага значэньня. Сьвята Спаса — канчаткам гэтае працы таксама бяз іншага значэньня. Рэд.