Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Я МУЖЫК-БЕЛАРУС…

Я мужык-беларус, —
Пан сахі і касы;
Цёмен сам, белы вус,
Пядзі дзьве валасы.

Бацькам голад мне быў,
Гадаваў і карміў,
Бяда маткай была,
Праца сілу дала.

Хоць пагарду цярплю, —
Мушу быць глух і нем;
Хоць сьвет хлебам кармлю, —
Сам мякіначку ем.

З цяжкай працы маей
Карыстаюць усе,
Толькі мне за яе
Няма дзякуй нідзе.

Глянь, высокенькі бор,
Вокам нельга прабіць:
Загудзеў мой тапор, —
Як блін, поле ляжыць.

Сошку з вышак сьцянуў,
Кабылічку ўшчаміў,
Плечы трохі прыгнуў, —
Лес на пахань зрабіў!

Дый засеяў кусок,
Потым з жонкай пажаў…
Пан пшанічкі тачок —
Люба глянуць — наклаў.