Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З ПЕСЕНЬ БЕЛАРУСКАГА МУЖЫКА

Я — багач, я — магнат! —
Усім рад, усім сыт!
Што мне пан, што мне кат!? —
Цэлы сьвет мне адкрыт!

Я усё закляну,
Усё сілай папру, —
З гор зраблю даліну,
А з далінкі гару!

Затрымаю ваду,
Цёмны бор павалю,
А як з сошкай пойду, —
Увесь сьвет накармлю!

Кажуць, кволы дух мой…
А ўсё-ж я маладзец:
Замахаю касой —
Трупам ляжа сівец!

Кажуць, крыўджу людзей…
Ах, каб іх жа багі —
Ці-ж ня з працы маей
Карыстае другі?!

Эй, дуж я да ўсяго —
На ральлі, на лугу!
Толькі гора свайго
Я змагчы не магу!..

Толькі шнур мой вузкі
Град аполе, пажне,
І залом ведзьмакі
Заплятуць на мяне.