Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПЕСЬНЯ ВОЛЬНАГА ЧАЛАВЕКА

Дарэмна сьвістамі нагаек
Застрашыць хочуць тыраны,
Нагнаўшы чорных соцень шаек,
Акулі рукі ў кайданы, —
Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!

Ня страшны мне Сібір, вастрогі,
Меч катні над шыяй маей,
Хоць і скуюць мне рукі й ногі,
Хоць зрэнкі выдзяруць з вачэй, —
Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!

Нам есьці хочацца тым болей,
Чым горай голад прыгняце,
Тым рвёмся больш мы і да волі,
Чым меней к нам яе ідзе.
Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!

Дарэмна гіканьне нясецца
Дэспотаў подлых над зямлёй,
Што воля ў путы акуецца,
Згняцецца сілаю, пятлёй.
Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!

Ці-ж людзі сонца згасіць могуць,
Згасіць, як сьвечку, яснасьць дня?
І волі-ж дэспоты ня змогуць,
Бо воля сонейку раўня.
Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!