Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
∗     ∗

Я відзеў душы сільныя,
Якім віхры ўсьміхаліся
І пелі песьні дзіўныя,
Каб вышлі і змагаліся;

Змагаліся з няпраўдаю,
Змагаліся з кайданамі,
З кайданамі пякельнымі,
З людзкіх касьцей каванымі,

І вышлі людзі сільныя
На бітву на крывавую
Дый сьмерцяю акрыліся,
Хоць несьмяротнай славаю.

І толькі плакаць хочацца
Над гэтымі ахвярамі,
Над гэтым краем змучаным,
Над гэтымі цяжарамі.

І толькі плакаць хочацца,
Прад цэлым сьветам жаліцца,
Што так зямелька родная
З ног ад нядолі валіцца!