Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МОЖНА

Можна хатку убраць тынкаваньнямі з плесьні,
Можа віхар нядоляй заенчыць над ей;
Можна пець салаўіныя шумныя песьні,
Што шчасьлівы ўвесь сьвет, няма гора ў людзей.

Можна сьвет упрыгожыць у кроў і пажары,
Можа гром загрымець і паслаць пяруны,
Могуць гінуць нявінныя ў бітвах ахвяры,
Можна слабым, нязбройным надзець кайданы.

Але ёсьць-жа вялікая праўда на сьвеце, —
Праўда, сілаю роўная сонца агням, —
Цяпер сьпіць, але ўстане і бляск свой расквеціць,
За сваё паніжэньне адплаціць людзям.