Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З ПЕСЕНЬ А БІТВАХ

Іграюць сурмы баявыя,
Віхор разносе іхні звон, —
І песьні дзіўныя такія
Ад іх лятуць да ўсіх старон.

Аб славе цуднай граюць сурмы,
Аб шчасьці люду усяго;
Завуць змагаць няволі штурмы,
Завуць… ой, многа да чаго!..

Дый дарма звоняць сурмы гулка!
Народ абманены прыціх, —
Той сьпіць, той ходзе бяз прытулка,
А жаль і роспач ува ўсіх.

Мучыцель толькі рад, снуецца,
Як шакал дзікі па трупох, —
З ахвяр сваіх ваўком сьмяецца,
З ахвяр, што мруць у ланцугох.

І відзець страшна ў путах сілу,
Людзкі ўвесь з жалю енк і плач,
Аж хоць кладзіся у магілу
сьвету гэтага ня бач.

І ходзіш так, як пагарэлы,
І хочаш людзям скаргі слаць,
Азвацца крыкам на сьвет цэлы:
Дзе праўды, волі дзе шукаць?!

А сурмы граюць баявыя,
Віхор разносе іхні звон, —
І песьні дзіўныя такія
Ад іх лятуць да ўсіх старон.