Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А ХТО ТАМ ІДЗЕ?

А хто там ідзе, а хто там ідзе
У вагромністай такой грамадзе?
— Беларусы.

А што яны нясуць на худых плячох,
На руках ў крыві, на нагах ў лапцёх?
— Сваю крыўду.

А куды-ж нясуць гэту крыўду ўсю,
А куды-ж нясуць на паказ сваю?
— На сьвет цэлы.

А хто гэта іх, не адзін мільён,
Крыўду несьць наўчыў, разбудзіў іх сон?
— Бяда, гора.

А чаго-ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім, сьляпым, глухім?
— Людзьмі звацца.