Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З ПЕСЕНЬ АБ СВАЁЙ СТАРОНЦЫ

Невясёлая старонка
Наша Беларусь:
Людзі — Янка ды Сымонка,
Птушкі — дрозд ды гусь.

Поле — горы ды каменьне,
Потам зьліта ўсё,
Сенажаць — адно карэньне,
Сівец ды куп‘ё.

Родзе шнур несамавіта,
Колькі-б працы ўнёс, —
Ячмень з сажай, з званцом жыта,
З сьвірэпкай авёс.

Небагатыя і вёскі,
Садоў ў іх ня знаць,
Толькі часам дзе бярозкі,
Як тычкі, стаяць.

А па вёсках люд убогі,
Век бяда ў крук гне,
Вечна ў лапцях гное ногі,
Зрэб‘е сьпіну тне.

Цёмны, цёмны народ гэты,
Трудна і сказаць,
Абарваны, неадзеты,
Ня ўмее чытаць.

З яго кожны насьмяецца,
Назаве дурным…
Бедны люд… так-бы, здаецца,
Плакаў разам з ім.

Так няміла, як магілай,
Неяк выдае
Беларусь, мая старонка,
Дый люблю-ж яе.