Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З ПЕСЕНЬ НЯДОЛІ

Шумныя бярозы
Пабяліў мароз.
Хацеў-бы я плакаць,
Дый ня маю сьлёз.

Хацеў-бы я пеці
Аб сваёй бядзе,
Дый мне сэрца ные,
Песенька ня йдзе.

Хацеў-бы, каб зімаў
Срогіх ня было,
Каб зарэла цягам
Летняе цяпло.

Хацеў-бы, каб доля
У хатцы жыла,
Каб з бурлівай рэчкай
Нядоля сплыла.

Хацеў-бы, каб воля
Гуляла са мной,
Каб сонейка грэла,
Як грэе вясной.

Але, божа мілы!
Долі ня відаць, —
Кайданы няволі
На руках зьвіняць.

Няма вясны, сонца,
Сьветлых дзён няма, —
Марозам марозіць
Срогая зіма;

Марозам марозіць,
Сьнегам адзяе,
На работу гоніць,
Есьці не дае.