Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З ВАСЕНЬНІХ НАПЕВАЎ

Ня гудзі так, восень,
Непагодай дзікай;
Ня крываўся, сэрца,
З нядолі вялікай.

Цяжанька марнеці
Ў жыцьця паняверцы;
І восень на сьвеце,
І восень на сэрцы.

Што год вясну бачым,
Гуляючы ў полі,
Дый вясны на сэрцы
Ня знаў я ніколі.

Моладасьць, вясёласьць
Ня жылі са мною;
Пейце-ж хоць вы, песьні,
З няшчаснай душою.

Ня гудзі так, восень,
Непагодай дзікай;
Ня крываўся, сэрца,
З нядолі вялікай.