Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПЛАЧУЦЬ МАЕ ПЕСЬНІ

Жудка стогнуць рэкі,
Ўзбураны вясною;
Плачуць мае песьні,
Галосяць са мною.

Не стагнеце, воды
Паводкі бурлівай,
Кіньце плакаць, песьні,
Горка, нешчасьліва.

Хто ўстрымаў паводак
Разгульнае мора?
Хто заглуша песьні,
Як іх вызьве гора.

Вялікае-ж гора
Часам людзей муча,
Наўча ненавідзець
І плакаць навуча.

Як дубок, з карыцы
Пастухом абдзёрты,
Як той салавейка
У клетку запёрты, —

Так я прападаю,
Ня маючы долі,
Як дуб усыхаю,
Плачучы ў няволі.

Не дало жыцьцё мне
Ні поля, ні хаткі,
Па чужых куткох век
Сіл гублю астаткі.

Там, гэт, за гарамі,
Дзе памчыцца вока,
Сьвет гучны, вялікі
Сьцелецца шырока.