Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З МАІХ ПЕСЕНЬ

Што нахлыне ў душу,
Што сасьню вечаром,
Праз што вочы рашу, —
Усё выльлю пяром.

Усё выльлю і ў сьвет
Песьняй лётнай пашлю, —
Няхай з віхрам у сьлед
Аблятае зямлю!

Хай лятае ўвакруг
Над скаванай зямлёй,
Дзе сьпяць сіла і дух,
Дзе брат свой, як ня свой!

І тых будзіць, хто сьпіць,
Хто цярпіць бяз віны;
Няхай гулка грыміць,
Як званы, пяруны!