Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ДА ПЕСЕНЬ

Песьні мае, песьні!
Смуткаў маіх дзеці,
Калі-ж вам час прыдзе
Весела запеці?
Ой! сваю ды з вашай
Роўну долю бачу:
Плачаце вы, песьні,
І я з вамі плачу.
Хацеў-бы вас, песьні,
Зрачыся, пакінуць, —
Сілачкі-ж мне мала,
Буду ўжо так гінуць.
Выплакаў вас сэрцам,
Высьніў вас душою,
Б‘ючыся з нядоляй,
Б‘ючыся з бядою.
І цяпер за мною
Ходзіце вы ўсюдах —
І вясной па траўцы,
І ў восень па грудах,
Па сьнягу зімою,
Па загонах летам;
Вы мяне спазналі
З горам, з людчым сьветам.
Шмат чаго нагналі
Мне ў душу смутную,
І йшчэ знаю, знаю,
Шмат чаго пачую.
І так мне здаецца,
Колькі ні тужыці,
Са мной вы, я з вамі
Вечна будзем жыці
Толькі, мае песьні,
Смуткаў маіх дзеці,
Калі-ж вам час прыдзе
Весела запеці?!