Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/236

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

СЯДЗЬ ТУТ, НА ЎЗЬМЕЖКУ…

Сядзь тут, на ўзьмежку, сядзь аддыхні,
Змучаны, браце, дарогай!
Ты без аддухі многія дні
Шоў сіратою паміж людзьмі,
Ждучы спачынку з трывогай;

не знашоў ты друга нідзе,
Што запрасіў-бы ў хаціну,
Дзе-б ты забыўся аб горкай бядзе,
Што за табою з горам ідзе,
Дзе-б аддыхнуў ты часіну.

Дзе-б табе далі цёплы куток,
Каб не калеў на марозе;
Каб ня млеў, хлеба далі-б кусок,
Веры і сілы, дзе-б ты, дружок,
К дальшай набраў-бы дарозе.

І не знашоў ты хаткі такой;
Дальш ісьці мала ўжо сілы;
Сядзь тут, на ўзьмежку, браце ты мой!
Тут як спачнеш ты з бурлівай душой,
Дойдзеш лягчэй да магілы.