Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/237

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

А ЯК НАМ ЗОРКІ ЗАГАСНУЦЬ…

А як нам зоркі загаснуць,
Месяц ня зьменіцца болей, —
Прыдзем да вечнага шчасьця,
Цемры к нам прыдуць з патоляй.

З глыб наразгаднага быту
Новае прыдзе збаўленьне,
Ўсё нам памера, паліча,
Думкі разьбіты і церні,

А покі яснасьць старая
Будзе свае снаваць ніці,
З хаты да хаты ня кіне
Дух векавечны блудзіці.

Стукнецца ў шыбіны, ў сенцы,
Ўкіне свой кліч-заклінаньне…
Мы, падыходзячы к ночам,
Ждаць будзем новых сьвітаньняў.

А як на нашай на ніве,
Крыўда гнязьдзіцца ўсё будзе,
Новыя выплывуць сілы,
Новыя к слаўнасьці грудзі;

Сэрцы ахвярна паложаць,
Насып насыплюць высокі,
І не пяройдзе той насып
Злыбеды цень бледнавокі!

А покі думка аб праўдзе
Ня ўзьдзене плесьні-сівізны,
Будзем нясьці свае ношы
К ціхім мальбішчам айчызны.

Сьвежыя ўзьдзенуць нам кіры;
Мы ўжо таго не забудзем,
Што нам пры вечным скананьні
Ўсё, ўсё палічана будзе.