Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/235

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Эй, доля! Колькі мы разоў
Прасілі, клікалі цябе;
Ня йдзеш! Знаць, хтосьці з сьвету зьвёў,
Ці хлеба мала ў нас табе?

Ці, можа, дзікай непагодай
Цягацца з намі надаела?
Начлег застрашыў нявыгодай,
І ты нам, доля, акалела?

Жывём, рассыпаўшысь па сьвеце,
І сьмерць сабраці нас ня можа,
Хаця і ўсякага прымеце,
Хаця і ўсякага абложа.

Хаця усякага з нас грудзі
Магіла жудкая прыдаве,
Над якой крыж паставяць людзі
На памяць нашай беднай славе.

Над якой вырасьце сасонка,
І безьзямельных стогн пачуе,
І шумам, песьняю нязвонкай,
Над намі хіба забядуе!..

|}