Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/234

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

БЕЗЬЗЯМЕЛЬНЫЯ

Жывём, забытыя людзьмі,
Пацех ня знаючы ні ў чом,
Крывавім сьцежкі мы сьлязьмі,
Ўвесь сьвет для нас магільным сном.

Ні нам вясна цьвіце, пяе,
Ні лета коласам шуміць,
Снапоў нам восень не дае,
Зіма нам толькі век гудзіць.

Глядзім на неба, на зямлю,
Ня раз з пракляцьцем на жыцьцё,
Аром мы ніву не сваю,
Дабро зьбіраем не сваё.

Хацінкі кут ня наш — чужы,
Ня наша ў поле стада йдзе;
О, сэрца, колькі ня тужы,
Няма нам радасьці нідзе!

Раве мяцеліцай зіма,
Вясна зальле паводкай сьвет,
Вады і сьцюжы нам няма,
Зжыліся з імі з малку лет.

Наклаўшы зрыўкаў і ламоў —
Убор саміх і хат гнілых,
З адных павыгнаны вуглоў,
Шукаць мы цягнемся другіх.

Худыя жонкі на вазох,
Пры жонках дзеці чарадой,
Мы самі ў зношаных лапцёх
Ідзём за коньмі пехатой.

Ідзём — у вочы вецер дзьме,
З-за хмараў сонца ня відаць,
Бяда, нуда прыгнула, жме,
Удушшам грудзі ўсё скрыпяць.