Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НЯ РВІСЯ К БАГАТЫМ

Ці пойдуць пажары, хваробы пад стрэхі,
Ці голад, ці холад, ці смутак у хаце, —
Ня йдзі да палацу шукаці пацехі! —
Там толькі пачуеш зласьлівыя сьмехі.
Ой, раю — ня рвіся к багатым, мой браце!

Ня рвіся к багатым ты, доляй убогі,
Ня нойдзеш сэрц братніх, дзе толькі багацьце!
Там будзеш сабой выціраці парогі,
Табе, як сабацы, косьць кінуць пад ногі…
Дык слухай! ня рвіся к багатым, мой браце!

Багаты суляе, адзеты і сыты,
Багатаму цэлы век сьвята па сьвяце, —
Ты-ж вечна працуеш, век потам абліты!
Дык будзь чалавекам, бо ты-ж не забіты!
Падшэптаў багацьця ня слухай, мой браце!