Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НУДА

Будзь ты дуж, як вада,
Як жалеза цьвярды, —
Калі-ж нойдзе нуда,
Ты ня зможаш нуды!
Як благая напасьць,
Атуманіць сабой,
І спакою ня дасьць,
Аж заныеш душой.
Аж заплачаш душой,
Жаль ахопе такі!
І ня прыдзе спакой
Да магільнай даскі.
На сьвет будзеш глядзець
Ашалелым ваўком;
Песьні ўздумаеш пець, —
Адазьвешся выцьцём.
Стане пеклам жыцьцё,
Людьзі — горш ад зьвярэй;
Думаць будзеш усё,
Як памерці скарэй.
Эй, дзянькі каратаць
Трудна з ёю, бяда! —
Ня дасьць ночкаю спаць
Усё гэта нуда!
Змуча, хоць ты вазьмі
І ня пі і ня еж;
Вочы зойдуць сьлязьмі,
І свой лёс праклянеш.
Адно шчасьце людзей,
Толькі змога тады, —
Калі працай сваей
Зваляць камень нуды;
Калі мысьль адна іх
У жыцьці павядзе:
Працаваць за траіх,
Каб ня дацца нудзе.