Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПРАЦУЙ

Працуй, бедачышча, гаротна,
Ці прэеш ад поту, ці мерзьнеш!
Гні плечы свае ты ахвотна,
Бо прыдзе гадзінка — і шчэзьнеш.

Ой, шчэзьнеш, а толькі ня бойся,
Што ўжо і засыпяць зямлёю:
Як з горам у дружбу завёўся,
Яно йшчэ паходзіць з табою.

Цяпер, малады і ахвочы,
Ты рвешся, як птушка там з клеткі,
Да працы і ўдзень, і уночы,
Дый зможа крывавы труд гэткі.

Бяз часу прыжме, апануе
Цябе неадчэпная старасьць,
І моладасьць скрыша ўдалую,
Адгоне ад працы няздарасьць.

Пахіляцца плечы ад горбу,
Удушша дыхнуць не пазволе,
Надзенеш старэцкую торбу
І пойдзеш у сьвет, на прывольле.

А мусіш-жа ўперад наўчыцца
Ты пацераў доўгіх, дзядоўскіх,
Бо, як не патрапіш маліцца,
То выганяць гэткага з вёскі.

Ты мусіш наўчыцца, бо маці
Даўжэйшых наўчыці ня ўмела,
Ды ў беднасьці часу ці-ж хваце
За гэткае браціся дзела.