Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НА ДОБРЫ СТАРЫ ЛАД

Забудзься і працуй!
Ні сэрца, ні душы,
Ні дум сваіх ня чуй;
Ці ў шуме, ці ў глушы, —
Забудзься і працуй!

Хоць хаткаю тваёй
Трасуць што-дзень вятры,
І песьняю сваёй
Вазносяць стогн стары
Над хаткаю тваёй, —
Забудзься і працуй!
Нуды пажар тушы,
На вір жыцьця ня злуй,
Ці ў шуме, ці ў глушы, —
Забудзься і працуй!

Хоць ночка цемнатой
Заслала сьцежкі ўсе,
Праходзіш ты кудой
Па сьлёз сваіх расе
З адвечнай цемнатой, —
Забудзься і працуй!
Прашкоды ўсе крышы,
На долю ня крыўдуй,
Ці ў шуме, ці ў глушы, —
Забудзься і працуй!

Хоць гора ўсьлед бяжыць,
А каменем-гарой
На сэрцы жаль ляжыць,
Хоць смутна, божа мой, —
Забудзься і працуй!
Ні сэрца, ні душы,
Ні дум сваіх ня чуй,
Ці ў шуме, ці ў глушы, —
Забудзься і працуй.