Старонка:Язэп Воўк-Леановіч Мова Скарыны.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Што ён адрозьніваў гэтыя словы відаць з прадмовы Скарыны да „Псалтыру" 1517 году, дзе ён кажа: „Положил есми на боцех, некаторым слова для людей простых руским языкомъ, что которое слово знаменуеть". Ня можа быць ніякага сумненьня ў тым, што тут ён разумее якраз беларускія тлумачэньні незразумелых слоў. Што-ж датычыць агульнага перакананьня А. І. Сабалеўскага ў тым, што Скарына зусім ня меў намеру даць пераклад сьв. пісьма на беларускую мову ў поўным значэньні гэтага слова, дык нам яно здаецца справядлівым толькі тады, калі мы скарынаўскія словы „выклады", „выложил" у іх значэньні будзем раўняць да сучасных слоў „пераклад", „перакладаць". Тут мы павінны будзем згадзіцца з акад. А. І. Сабалеўскім у тым, што Скарына, можа, і ня меў намеру даць беларускі пераклад у запраўдным, нашым сучасным значэньні гэтага слова. Нам здаецца, што ён хутчэй, па сутнасьці справы, меў мэтай не пераклад цалкам, а толькі пераклад няясных і незразумелых слоў і выразаў царкоўна-славянскіх і грэцкіх. У гэтым сэнсе, пэўна, і трэба разумець яго словы „выклад", „выложеный". Тут, здаецца нам, проф. Уладзімераў памыляецца, калі на 98-99 стар. свае працы кажа: „У праским „Псалтыру", як мы бачылі, царкоўна славянскі тэкст зьяўляецца грунтам выданьня і загэтым Скарына і не назваў яго перакладам на рускую мову". Нам думаецца, што калі Скарына і не назваў праскага „Псалтыру" „выкладам", дык гэта простая выпадковасьць. Назваў-жа ён „выкладам" віленскае выданьне „Апостала" 1525 году ў пасьляслоўях да „деяний и посланий Ап. Павла". Паміж тым, і праскі „Псалтыр" і віленскі „Апостал" ёсьць зусім аднародныя рэдакцыі адпаведных славянскіх тэкстаў. Як тут, гэтак і там, грэцкія словы старэйшых рускіх сьпісаў заменены беларускімі [1]; тут і там заменены імі і шмат якія царкоўнаславянскія словы, тое і другое выданьні перапоўнены чэхізмамі—вынік уплыву тэксту чэскай „Бібліі" 1506 г. [2] Як бачым, падставы каб называць „выкладам" і тое і другое выданьні—аднолькавыя,—лепшы довад таго, што Скарына слова „выклад" разумеў пасвойму,—так, як мы ўжо казалі вышэй, г. зн. як інтэрпрэтацыю найбольш незразумелых для беларусаў слоў і выразаў, пакідаючы агульную конструкцыю тэксту царкоўна-славянскую. Толькі пры такім тлумачэньні выразаў „выклад", „выложил" нам будуць зразумелы словы Скарыны: „Повелел есми Псалтырю тиснути рускими словами а словенским языком". Сэнс гэтых слоў мы можам, у вагульным, пашырыць і на ўсе выданьні Скарыны.

Гэтак мы можам быць пракананымі, што Скарына, выдаючы свае кнігі „людям посполитым к доброму научению", клапаціўся толькі аб тым, каб, не зьмяняючы царкоўнаславянскай асновы тае мовы, якая была пашырана ў рэлігійным ужытку праваслаўных беларусаў, даць рэдакцыю богаслужбовых і біблійных кніг, зразумелую для сваіх чытачоў. З апошняю мэтай ён, праўда, у паасобных выпадках рабіў значныя перабудовы на беларускі лад найменш зразумелых у царкоўнаславянскай рэдакцыі выразаў. Карыстаючыся чэскім перакладам „Бібліі" 1506 г. і, быць можа, лацінскай Вульгатай, ён блізка што не пакінуў неперакладзеным аніводнага грэцкага альбо лацінскага слова. Як мы ўжо паміналі, найбольшую беларускую ахварбоўку мова Скарыны мае ў яго прадмовах да біблійных кніг, г. зн. у тых месцах, якія ня былі цесна зьвязаны з царкоўнаславянскімі тэкстамі, у якіх Скарына быў больш-менш орыгінальным, хоць і карыстаўся комэнтарыямі Гароніма

  1. У вадносінах да псалтыру Ўладзімераў прызнае ўплыў у гэтым напрамку тых старарускай рэдакцыі сьпісаў псалтыру, якімі, па яго думцы, карыстаўся Скарына
  2. Гл. П.В. Владимиров. “Докт. Фр. Скорина”... стар. 86 і наст., 184 і 185