Старонка:Язэп Воўк-Леановіч Мова Скарыны.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і папярэдніх выданьняў царкоўна-славянскіх кніг, былі больш начытанымі ў царкоўна-славянскай літаратуры і ведалі гэтую літаратуру практычна лепш, чаго ня можна было чакаць ад Скарыны, які атрымаў асьвету і доўга жыў у Заходняй Эўропе; нарэшце іншыя аўтары маглі мець лепшыя ў сэнсе чыстасьці царкоўна-славянскае мовы орыгіналы, якімі яны карысталіся. Скарына-ж хоць для свайго часу і свайго кола ведаў гэтую мову параўнальна здавальняюча, аднак ня мог раўняцца ў гэтых адносінах з перапішчыкамі Маскоўскай Русі, якія царкоўнаславянскую мову вывучылі амаль што ідэальна, бо гэта была адзіная царкоўна-кніжная мова Ўсходняй Русі. У выніку слабой веды царкоўна-славянскае мовы, ня маючы падручнікаў па ёй, часьцей маючы справу з лацінскай мовай, у Кракаве і ў Празе чуючы выключна польскую і чэскую мовы, Скарына і даў нам узор свайго роду „макаронічнай" царкоўнаславянскай мовы, падпраўленай беларусізмамі, з мэтай зрабіць гэтую мову больш зразумелай для беларусаў.

Маючы на ўвазе даць праваслаўнай беларускай царкве і народу мала вядомыя ім кнігі сьв. пісьма у богаслужбовай мове, ён блізка цалкам пакінуў нязьмененымі тэксты „Апостала" 1525 г. і „Псалтыру" 1517 г., бо меў іх пад рукою ў царкоўнаславянскай мове, а адрыўкі старазаконных кнігз царкоўна-славянскага парэмейніка толькі паправіў згодна з чэскім тэкстам „Бібліі" 1506 г., гэта значыць, пераклаў з чэскай мовы толькі тое, чаго ня меў над рукамі ў стара-славянскай мове. Справядлівасьць нашага праконаньня ў тым, што ў грунце сваім мова выданьняў Скарыны ёсьць—царкоўнаславянская, будзе яснай, калі мы на вытрымку прывядзем некалькі прыкладаў для ілюстрацыі.

Возьмем напрыклад XXII песьню Давыда з другой кнігі „царстваў". Прывядзем яе пачатак.

XXІІ песьня Давыда (Ц. 2-я кн.): „Возлюблю тя г(с)ди крепость моя, г(с)дь оутвержение мое иприбѣжище мое иизбавитель мои. Богъ мой сильныи помощникъ мои, иуповаю нань. Защититель мои имоць спасения моего“... і г. д.; тут, за выключэньнем „оутверженіе" і „моць", няма аніводнай беларускай рысы.

І-ая глава кн. Іова: „Времениже многу минувшу. Рече къ Іову жена его доколе терпиши г(л)я: Се пожду еще время мало чая надежди спасенія моего. Себо погыбе паметь твоя о(т)земли, сынове твои и дщеры, моего чрѣва болѣзни и труди. Иже всуе трудихся со усилием изомроша. Ты же самъ въгнои ивъчерви седиши обнощая вънѣ града. Иазъ якораба збирающи ясти о(т)места наместо прѣходящи, и о(т)храмины во храмину, ждущи слнце когда заидеть, да почню о(т)трудовъ своих и о(т)объдержащихъ мя болѣзней иже мя ныне содѣржать. Но рци некое слово злое к богу и умри",

Притчи Соломоновы, ІХ, 1, 2, 3. „Прѣмудрость созда себѣ храм и утверди столпов седмъ. Закла своя жертвѣная, изчерпа вчаши вино иоуготова трапѣзу свою. Посла рабыне своя“...

Тут ня месца было-бы прыводзіць многа прыкладаў. Даволі будзе сказаць, што ў такім-жа родзе і большасьць іншых „выкладов" Скарыны.

Адносна выразу Скарыны ў прадмове да „Малой Падарожнай Кніжыцы" (Вільня 1525 г.)—„повелел есми псалтырю тиснути рускими словами а словенским языком" А. І. Сабалеўскі ня лічыць, што слова “рускіе", г. зн. беларускія, праціваставіцца слову „славянскія".

Нам здаецца, што з апошнім нельга згадзіцца цалкам. Праўда, бясспрэчным зьяўляецца тое, што беларусы тэй пары часта атаесамлівалі славянскую і „рускую" мовы; аднак, нельга згадзіцца з тым. што Скарына не адрозьніваў „рускіх", г. зн. беларускіх, слоў ад славянскіх.