Старонка:Язэп Воўк-Леановіч Мова Скарыны.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

а) Сьляды цьвёрдасьці “р” шыпячых і губных: царъ, цару, трохъ, твору; чловечокъ, кровъ, любовъ, червъ і пад.

б) выпадзеньне „д" у злучэньнях „жд“: стражущаго, надежи і пад.

У граматыцы Лаўрэнція Зізанія (а за ім і ў Сматрыцкага) ёсьць нават як-бы паказаньне на беларускі гук „дз" у тым месцы, дзе гаворыцца аб складаных зычных, якія пішуцца „сугубымн письменами", да ліку якіх адносяцца побач з Ѯ (кси), щ (шч) і Ѱ (псі), таксама З, S = „сд“, дзе сд зьяўляецца проста няўмелым напісаньнем гуку „дз“.

Сустракаецца мешаніна прыйменьнікаў съ, со і зъ.

в) 1. Першая асоба множнага ліку на мо: творимо, спасаемо і г. д.

2. Давальны склон адзіночнага ліку іменьняў назоўных на—ю замест—и: путю, временю і пад.

3. Формы займеньнікаў: тобе, собе, тои, тыи, тых, тыма, тыми, замест царкоўнаславянскіх тъ, ти, тѣхь, тѣмь, тѣмхи.

4. Беларусізмы і (часткова) полёнізмы ў слоўніку: дѣвчиночка, оброчок, хлопяточко; тогды, зараз, ажно, знагла, цили, бардзо, тажъ, таже[1].

Адсюль мы бачым, што нават патэнтаваныя грамацеі XVI—XVII сталецьцяў, як Лаўрэнці Зізані, Мялеці Сматрыцкі і іншыя, відаць, мелі даволі няяснае прадстаўленьне аб граматыцы царкоўнаславянскае мовы. Што-ж казаць тады аб тых звычайных сьмяротных, нават добра пісьменных беларусах, якія аб граматычнай сыстэме царкоўнаславянскае мовы мелі яшчэ меншае паняцьце. Як відаць, іхняя царкоўнаславянская мова на пісьме была такою толькі ў самых асноўных, грубых рысах, асабліва, калі яшчэ не існавала граматычных падручнікаў.

Нам здаецца вельмі праўдападобным, і мы, нават, можам быць пракананы, што ў старадаўняй Беларусі, той самы Францішак Скарына, лічыў за правільнае называць мову сваіх выданьняў „словенской", паколькі агульны фонэтычны твар яго „выкладаў" запраўды быў стара-славянскі: усюды ў яго, напрыклад, трапляюцца царкоўнаславянскія сьцягнутыя формы замест беларускіх поўнагалосных.

Гэта вельмі важны факт, які паказвае, што гэтую яскравую фонэтычную розьніцу паміж царкоўна-славянскай і беларускай мовамі Скарына вельмі добра ведаў і памятаў, і, жадаючы захаваць у мове сваіх выданьняў асноўны царкоўна-славянскі стыль фонэтыкі, старанна ўхіляўся на ўсім працягу сваіх выкладаў беларускіх поўнагалосных формаў. Ён здолеў зрабіць гэта ў такой ступені, што поўнагалосныя формы трапляюцца ў яго толькі як друкарскія памылкі. Безьліч стара-славянскіх слоў і выразаў, а таксама сынтаксычных зваротаў (напр., dativus absolutus, accusativus cum infinitio), — асабліва-ж ужываньне заўсёды аорысту, — формы, якая зьнікла ў жывой мове, напэўна, ужо да XIII ст., прытым, як убачым далей, ужываньне дзіўна няправільнае, усё гэта як найлепш сьведчыць аб стараньні Скарыны захаваць першапачатковую аснову мовы —царкоўнаславянскую.

ІІ. Як на прычыну, што выклікала зьяўленьне на Беларусі і Украіне царкоўных кніг у „модэрнізаванай", „славенскай" мове, гэта значыць у мове, перасыпанай беларускімі словамі (а іншы раз і цэлымі выра-

  1. Увага проф. Будзіловіча адносна аналёгічных меркаваньняў проф. Ўладзімерава аб тым, што Скарына ў пачатку XVI сталецьця ня мог карыстацца тымі граматыкамі, якія былі складзены ў канцы XVI ст. і пачатку XVII, справядліва. Аднак, гэта не пазбаўляе нас магчымасьці разглядаць факты, адбітыя ў гэтых пазьнейшых граматыках, як значна раней выпрацаваныя ў літаратурным ужываньні, якія ў часы Скарыны напэўна існавалі ў кніжнай мове наогул.