Старонка:Язэп Воўк-Леановіч Мова Скарыны.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

„справядлівей домысел Галавацкага, што гэта была мова ні беларуская, ні вялікаруская, ні маларуская, а мова кніжная, на якой ніхто ніколі не гаварыў (Науковый Сборник 1865 г., стар. 251)“.

У гэтым, як здаецца А. Будзіловічу, і хаваецца разгадка слабых посьпехаў Скарыны як выдаўца, іначай кажучы,—як культурнага дзеяча, і „малога ўплыву яго бібліі на далейшае разьвіцьцё заходне­ рускае мовы і асьветы, асабліва, калі параўнаць гэты ўплыў з вынікамі перакладаў бібліі Віклефа на ангельскую мову, Кальвіна на францускую, Лютэра на нямецкую і г. д.“

Гэткім чынам Будзіловіч, лічачы мову выданьняў Францішка Скарыны штучнай, няжывой, надае разам з тым гэтай абставіне рашучае адмоўнае значэньне ў справе разьвіцьця беларускае мовы і асьветы...

Здаецца, што цяпер ужо ня прыходзіцца даводзіць таго вядомага факту, што галоўная роля ў адмоўным уплыве на асьвету і мову Беларусі належыць тым гістарычным падзеям, што зьявіліся вынікам унутраных політычных і нацыянальна-рэлігійных узаемаадносін на соцыяльна-экономічным грунце ў Літоўска-Беларускай дзяржаве; гэтыя падзеі прывялі да таго, што Літоўска-Беларуская дзяржава страціла спачатку сваю сувэрэннасьць, а пасьля і культурна-нацыянальную самастойнасьць, падпарадкаваўшыся і політычна і культурна Польшчы. Ня будзь гэтых політычных падзей, не падлягае ніякаму сумненьню, што офіцыяльная і кніжная беларуская мова дачакалася-б сваіх рэформатараў, якія давяршылі-б справу, пачатую Скарынай,—справу збліжэньня кніжнае мовы з жывою беларускаю моваю. Толькі політычныя падзеі былі прычынай таго трагічнага здарэньня, што беларуская літаратурная мова, замест таго, каб рэформавацца на здаровых асновах minimum дзьвесьці год гаму назад, стала на гэты шлях толькі ў нашыя дні.

Чым-жа, аднак, вытлумачыць тое, што, як мы ўжо заўважылі, пагляды на мову выданьняў Скарыны такіх паважных філёлёгаў як Будзіловіч, Галавацкі і, як далей пабачым, і нашага сучасьніка—акадэміка Сабалеўскага, такія няпэўныя і супярэчныя?

Мы ўжо казалі, што ў аснове кніжнае (не актавае) мовы старадаўніх Беларусі і Украіны была мова царкоўна-славянская.

Аднак, царкоўна-славянская мова так званай „заходня-рускай" рэдакцыі (іначай кажучы,—беларускай, якая ўжывалася і на Украіне да XVII сталецьця) мела свае даволі значныя і шматлікія дыялектычныя рысы, якія досыць выразна адрозьнівалі яе ад тае мовы царквы, якая ўжывалася на Русі ўсходняй, Маскоўскай. Апошнюю мову шырокія грамадзкія колы звычайна і схіляюцца лічыць за мову, якая ўжывалася ў старадаўняй Беларусі, бо ў наш час яна пашырана і на Беларусі сярод, праваслаўнага насельніцтва.

Наколькі значная розьніца ёсьць паміж гэтаю навейшаю царкоўна-славянскаю мовай і царкоўна-славянскаю мовай старадаўняй Беларусі, мы бачым з тых царкоўна-славянскіх граматык, якімі карысталіся, пачынаючы ад канца XVI сталецьця, на Беларусі і Украіне. [1]

Ужо ня кажучы аб прызнаньні, напр., граматыкай Сматрыцкага гукаў ч і ж у такіх словах, як вижю, хочю і пад., царкоўна-славянскімі, у гэтых граматыках [2], як правіла, знаходзім і такія, напрыклад, чыста беларускія і часткова украінскія і наогул усходня-славянскія рысы:

  1. П. В. Владимиров. Ор. сіt., стар. 247—250; таксама ў проф. С. Буліча. “История языкознания в России”
  2. а) Граматыка 1586 году, выданая ў Вільні ў друкарні Мамонічаў б) Элліно-словенская граматыка Ἄδελфότης. Львоў 1591 году в) Граматыка словенская Лаўрэнція Зізанія, Вільня 1593 году і ўрэшце г) Граматыка Мелеція Сматрыцкага, у Еўі 1619 году