Старонка:Язэп Воўк-Леановіч Мова Скарыны.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пры бліжэйшым знаёмстве з самымі друкаванымі выданьнямі Францішка Скарыны, мы, аднак, праконваемся ў тым, што пытаньне аб мове Скарыны не такое простае, як гэта прадстаўлялася профэсару Уладзімераву. Паспрабуем-жа разабрацца ў гэтым пытаньні.

Разглядаючы агульнае пытаньне аб уплыве царкоўна-славянскай мовы на мову старадаўняе Беларусі, проф. Уладзімераў, бязумоўна, мае рацыю, калі ён адзначае прысутнасьць даволі значнае колькасьці царкоўна-славянскага элемэнту у мове грамат і актаў, легэнд і повесьцяй XV—XVI сталецьцяў—твораў пераважна сьвецкага характару.

Гэта можа быць вытлумачана толькі тым вядомым фактам, што школьная асьвета ў памянёную эпоху насіла чыста царкоўны характар: у школах Беларусі і Украіны вучылі мове не беларускай і не украінскай, але царкоўна-славянскай; навучаньне на Беларусі і Украіне адбывалася па царкоўна-славянскіх псалтыру і часаслову [1]. Да і пры далейшым навучаньні вучням прыходзілася мець справу пераважна з царкоўна-славянскай літаратурай. У выніку гэтага кніжнае царкоўна­ славянскае вымаўленьне і словы мяшаліся ў жывой мове людзей кніжных, пісьменных (асабліва начытаных у „слове божым") з жывою беларускаю альбо украінскаю гутаркай. Дзякуючы гэтаму і жывая гутарка ў штодзённым ужытку людзей пісьменных, адукаваных, бязумоўна, адрозьнівалася ад жывой гутаркі людзей неадукаваных, як гэта заўважаецца і цяпер. Жывая мова адукаванага грамадзянства Украіны і Беларусі, напэўна, была перасыпана царкоўна-славянскімі тэрмінамі, асабліва ў галіне азначэньня паняцьцяў, у народным ужытку невядомых ці мала ўжываных. На такой, адносна жывой, беларускай альбо украінскай мове і пісаліся розныя грамадзкія акты і граматы.

Большасьць дасьледчыкаў гісторыі ўсходня-славянскіх (рускіх) моў лічаць мову гэтых актаў штучнаю. Зразумела, з гэтым у пэўнай ступені нельга не згадзіцца, але толькі ў такой ступені, у якой і ў нашыя дні, бязумоўна, мы павінны лічыць штучнай і сучасную нам канцэлярскую мову.

Зусім не такая мова кніг тае-ж самае эпохі, але царкоўна-рэлігійнага зьместу. Гэтыя кнігі напісаны альбо зусім у чыстай царкоўна-славянскай мове, альбо ў царкоўна-славянскай мове з большай ці меншай дыялектычнай ахварбоўкай—беларускай ці украінскай—у залежнасьці ад месца напісаньня.

Такая самая мова і ў выданьнях Францішка Скарыны; як паказвае аналіз, гэта ў большасьці царкоўна-славянская мова з моцным элемэнтам жывой беларускай мовы і з сьлядамі літаратурнага ўплыву чэскай і польскай моў.

А. Будзіловіч у памянёным ужо намі артыкуле лічыць, што біблійныя, богаслужбовыя і іншыя падобныя кнігі, напісаныя ў царкоўна-славянскай мове беларускай рэдакціі, „зьяўляюцца нечым зусім адменным ад перакладаў Скарыны, які зьмяняў ня толькі застарэлыя словы, але і формы, нават усю пабудову мовы, так што замест царкоўна-славянскага тэксту заходня-рускай рэдакцыі, мы маем у яго заходня-рускую (гэта значыць—беларускую) гутарку, насычаную большай ці меншай колькасьцю царкоўнаславянізмаў “ [2].

Аднак, у канцы свайго артыкулу А. Будзіловіч, як нам здаецца, адмаўляецца ад толькі што паказанага намі пагляду, калі, пярэчачы профэсару Ўладзімераву (які, па сутнасьці, казаў тое-ж самае, што і Будзіловіч) адносна мовы выданьняў Скарыны, знаходзіць, што

  1. Глядзі паказаньне на гэта ў прадмове самога Францішка Скарыны да праскага выданьня “Псалтыру” 1517 году: “детем малым початок всякое доброе наукы”...
  2. Гл. зноску па стар. 262.