Старонка:Язэп Воўк-Леановіч Мова Скарыны.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

паказваць і на адсутнасьць падобнай этымолёгізацыі [1]. З бясспрэчных прыкладаў аканьня нам давялося знайсьці ў Скарыны толькі — „даконаеть"—„Мал. Падар. Кніж.,“ 6; яшчэ можна дадаць иржавяет—(Ср. 21 б.—Уладз.). Такія напісаньні як жолтейшие—Лев. 256, жолудком—Цар. 181, чужоземца—Ср. 20б, чужостранное—Пр. 7б, смужомъ—іb, 35, вашо— Апост. 8, вашой—Л. 47 б, якія мы сустракаем у Скарыны, ак. Сабалеўскі і ак. Карскі [2] лічаць напісаньнямі, што адбіваюць пераходнае вымаўленьне ад ненаціскнога е да аканьня (яканьня)—у гэтым выпадку пасьля шыпячых. Аднак тут магчыма, на наш пагляд, тлумачыць такія напісаньні як наўмыснае, штучнае оканьне на месцы аканьня, якое ў гэтых выпадках было ў вымаўленьні. Іншымі словамі: у эпоху Скарыны і нават значна раней,—мабыць ужо ў XIII ст.,— тут было аканьне [3]. Але з прычыны імкненьня пісцоў пераймаць окаючую старабалгарскую (царкоўна-славянскую) графіку, тут жывое а заменена на о [4] як і ў іншых выпадках штучнага оканьня.

Тое, што ў пасланьні ап. Паўла, 148—сустракаецца жалудка— П. Уладзімераў лічыць узятым з чэскага zaloudek, што магчыма; але магчыма і простае аканьне. Польскаму ўплыву прыпісвае проф. Уладзімераў напісаньні—пяскаватую гору (piasek); премяняю (przemiana) ламалі, зламал, слышан, спомагати. [5] Такім чынам, тэкст Скарынавых кніг робіць уражаньне таго, што выдаўца альбо корэктар стараліся, каб не адбілася жывога аканьня, якое бясспрэчна ў той час ужо існавала ў вымаўленьні беларусаў.

Як у большай частцы беларускіх помнікаў і ў Скарыны прыстаўка роз ужываецца часьцей, чым раз. Быт. розознати, 3; розводнилися 18, розмоглися 18, порозделении 21 і інш.; росплотал і расплотал—28б.

Знаходзім мы ў Скарыны і адбітак зьявы процілежнай аканьню, але зьвязанай з ім аднэй фонэтычнай падставай—сьцягненьнем (рэдукцыяй) галосных ненаціскных. Гэта—фонэтычная замена а ( я ) сьцягнутых закрытым е ў стане ня толькі перад мяккімі, але і перад цьвёрдымі зычнымі, як—сьветого месеца, тысещей - Быт., 3; тридесеть, деветьсоть; аднак—Быт., 156; осмъдесять; погледев—ib., 18, Египтене дванадесеть—24б; светии отци—Исх., 3; гледяще— ib., 69. медяный і меденаго,—нават—выполнется=выполнятся—Лев., 23б, мекчейше, 24б, але мякчейше—24 ib.; приетель-Числ., дзе націск, мусібыць, на першым складзе.

Сустракаем мы ў Скарыны і напісаньні з о (якое стаіць замест ё) пасьля шыпячых пад націскам, якое зьяўляецца вынікам фонэтычнага пераходу е (не ѣ) у о пасьля зычнага мяккага альбо J пад націскам перад наступным цьвёрдым зычным. Напр.: чорный Б. 55, облечонъ МПК 7б; чол Ц. 233б, шол С. 12, 21б; жолчию, чолн—Ап. Деян. 77— Влад., сверщокъ—Л. 22—Уладз., шостый—Юд. 10б—Уладз. Апроч гэтых больш менш адзіночных прыкладаў словы „шолк, шолковый“ сустракаюцца часта. Гэты пераход засьведчаны ў Скарыны толькі пасьля шыпячых, якія ў той час ужо былі зацьвярдзелымі і пасьля іх у жывой мове чулася яснае о, з прычыны чаго і магчымы былі „памылковыя”

  1. А можа быць тут і падвойная этымолёгізацыя: у першым слове ад „благо” і „славить” а ў другім—ад “благо" і “слово".
  2. Першы ў арт. “К истории русских акающих говоров" — Русский Филолог. Вестник 1884 г. №3, т. 12, 106-108. Другі ў вышэйпамянён. “К истории звуков и форм белорусской речи” і інш. працах
  3. Гл. ў Е.Карскага “Белорусы”, ІІ, 1,202: ищаваеть з “Псалтыру” 1296 г.
  4. Такія напісы, як изменона, писом —можна тлумачыць польскім уплывам: zmieniono, pismo-picom
  5. Докт. Фр. Скорина, 298 -299.