Старонка:Язэп Варонка.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ашуканствам так тама „свае“ беларускія дывізыі.

З гэтага відаць, што як тыя, так і другія паставілі сабе мэтай выкарэняць не толькі беларускі нацыяналны рух, а і беларускую чалавечую сілу.

Пасьля ж заняцьця Менску палякамі, бальшэвікі йзноў перэнесьлі свой „Беларуска-Літоўскі Урад“ у Смаленск, дзе ён такі і змарнеў у барацьбе з антынацыянальнымі элемэнтамі, якія не сцярпелі навэт гэтай намінальнай непашаны да „Савецкай Расеі“.

Калі войскі Язэпа Пілсуцкага распачалі сваю гаспадарку ў межах большай часьці Беларусі, Беларускі Урад, працаваўшы да гэтай пары заграніцай, прабаваў націснуць на палякоў праз Антанту ў тым сэнсі, каб перэняць ад акупантаў хоць бы цывільную уладу ў краі. Гэта проба патрэбных вынікаў не дала. Тым часам невялічкая кучка асоб, пачала ужэ афіцыяльна туліцца да Пілсуцкага і, ад імя нібыто адпаведных беларускіх груп, дарвалася да арганізацыі беларускіх вайсковых частак у польскай арміі, па прыкладу істнуючых беларускіх войскаў у Літве. Благаславіўшы гэту справу, „сам“ Пілсуцкі даў сваю згоду на скліканьне распушчэнай у лістападзі 1918 году пры надыходзе бальшэвікоў — Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта палітыка нажаль запаліла надзеі на мажлівы усьпех беларускай справы ў раёні польскай акупацыі навэт у непрымірымых ворагаў палякоў.

Рада Рэспублікі была склікана 12 лістапада 1919 году, на які дзень зьехалася ў Менск многа