Старонка:Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыцьцё і літэратурная творчасьць (1933).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Другім важным мамэнтам у жыцьці А. Лявіцкага зьяўляецца побыт яго на навуцы ў Марцінкевічаў. Бацька пісьменьніка быў знаёмы з сям'ёй Марцінкевіча, які жыў недалёка ў Люцынцы, і, паразумеўшыся з дачкой Марцінкевіча, аддаў туды сына на навуку. Д.-Марцінкевіч, пасьля паўторнага жанімства ў 1858 годзе з удавой Гружэўскай, жыве стала у Люцынцы. Сам фальварак Люцынка ляжыць над ракой Люцынкай, прытокам Іслачы, у маляўнічай ваколіцы. У Люцынцы панавала атмасфэра артызму й шляхотных шляхоцкіх традыцыяў. Сам Д. Марцінкевіч быў знаёмы з многімі тагачаснымі, пераважна польскімі, пісьменьнікамі й навуковымі працаўнікамі, якія, магчыма, бывалі ў яго, у Люцынцы. Вакалічная-ж шляхта бывала ў яго часта. Вучыўся Антон Лявіцкі ў дачкі Марцінкевіча, як сам кажа пасьля, у 1877-8 гадох (восеньню і зімой). Вось што кажа аб гэтых часох сам пісьменьнік: «Дачка яго (Марцінкевіча) вучыла невялічкую грамадку дзяцей. Было там 3 хлопчыкі й 3 дзяўчынкі (гл. «Лісты з дарогі»). Учылі нас там парасейску, папольску, пафранцуску, вучылі рожных навук, але ані гісторыі Беларусі, ані нават беларускае мовы мы ня чулі. Мо гэтага нашы бацькі не вымагалі, мо нават не хацелі, але ўсё-ж такі ў дзіцячай памяці (a былі паміж нас і ладныя падросткі), як на мяккім воску, песьняр беларускі павінен быў сваю пячатку выціснуць. Марцінкевіч гэтага не зрабіў. Мы нават яго твораў ня ўмелі. Калі-ж, бывала, прыяжджалі суседзі