Старонка:Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыцьцё і літэратурная творчасьць (1933).pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

станьню 1863 г., аб выбуху якога ён ведаў, ён падаўся ў адстаўку й затрымаўся на нейкі час у маёнтку Дабосьня, у Магілёўшчыне, дзе быў кіраўнічым маёнтку. Тут, як падае М. Пятуховіч, радзіўся Антон Лявіцкі. У Дабосьні, а пасьля ў Першаёх (Ашмянскага павету), дзе бацька служыў падлоўчым у маёнтку графа Тышкевіча, вочы будучага пісьменьніка пабачылі беларускае неба. Пасьля бацька перабраўся ў фальфарак Карпілаўку (ў Вялейскім павеце), які купіў ужо ў 1866 г. У гэтых мяйсцох назоў Карпілаўка спатыкаецца даволі часта (ёсьць фальваркі й вёскі Карпілаўкі). Карпілаўка, у якой прышлося правесьці свае дзіцячыя гады Ядвігіну Ш., знаходзіцца ў 57 в. ад Вялейкі пры паштовай дарозе з м. Ільі ў Радашкавічы. Дом Лявіцкіх стаяў сярод садовых і іншых дрэў, навокала воддаль расьлі старыя дубы й ліпы. Дом, у якім рос і гадаваўся малы Антон Лявіцкі, меў сем пакояў. Тут, у Карпілаўцы, правёў будучы пісьменьнік сваё дзяцінства. Тут ён пазнаў блізка сялян і фальварачную шляхту. Фальваркі на Беларусі былі ў жывой сувязі з вёскай: і сам быт, і традыцыі романтызму збліжалі шляхту да народу. Сутычнасьць малога Антона Лявіцкага з народам мела вялікі ўплыў на будучую творчасьць Ядвігіна Ш., як беларускага пісьменьніка. Тыпы, якія пасьля спатыкаем у яго творах, ён, бяссумліўна, бачыў, або чуў аб іх, яшчэ як быў хлапцом. Знаходзячыся ў сутычнасьці з сялянствам, ён чуў хіба й народныя казкі, якія пасьля выкарыстае ў сваіх творах,