Старонка:Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыцьцё і літэратурная творчасьць (1933).pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дачка Ядвігіна Ш., у сваіх успамінах[1] аб бацьку гаворыць аб гэтых творах наступнае: «часьць літаратурных твораў таго часу нябожчык хацеў перарабіць, часьць іх лічыў зусім нявартымі ўвагі і дзеля гэтага ня меў іх нават запісанымі». Гэтыя творы, трэба думаць, паслужылі-б да выкрыцьця новых доказаў ідэйнай лучнасьці Ядвігіна Ш. з шляхоцкімі романтыкамі, а ў першую чаргу уплываў Д.-Марцінкевіча.

___________

Ядвігін Ш.. запраўднае прозьвішча якога было Антон Лявіцкі, радзіўся ў 1866 г. М. Гарэцкі (ў «Гісторыі беларускай літаратуры», 1924 г.) падае якраз гэтую дату нараджэньня Ядвігіна Ш., у тойчас, як М. Пятуховіч перасоўвае яе на 1869 г. а д-р І. Дварчанін («Хрыстаматыя») - аж на 1870 г. Гэтыя дзьве апошнія даты трэба лічыць няправільнымі. Дата М. Пятуховіча—гэта найпраўдападобней друкарская памылка: 9 замест 6. Як доказ таго, што Ядвігін Ш. радзіўся ў 1866 г., маем запіс веку пісьменьніка ў кнізе хворых Літоўскае Клінікі ў Вільні за 1922 г., паводле якой Ядвігін Ш. мае 55 гадоў. А гэты век падаў пэўне-ж сам хворы пісьменьнік. Такім чынам год нараджэньня яго прыпадае на 1866. Бацька Антона Лявіцкага, Ян Лявіцкі, быў шляхціцам па паходжаньню, каталіцкага веравызнаньня. Пэўны час бацька Лявіцкага быў афіцэрам расейскае арміі. Спачуваючы паў-

  1. Друкаваныя ў зборніку "Адраджэньне"