Старонка:Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыцьцё і літэратурная творчасьць (1933).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ёсьць нешта супольнае з тым, што адбываецца ў бальніцы: "І ліплі крывава-жоўтыя лісты да тоўстых сьцен бальніцы, як-бы падслухаць хацелі, што чутно за імі"... У гэтым апавяданьні Ядв. Ш., як і ў іншых, шмат глыбокага лірызму, які дзеець на пачуцьцë чытача.

Падобны псыхолёгічны матыў знаходзім і ў апавяданьнях "Цырк" і „Шчасьлівая". У "Цырку" маем ізноў падкрэсьленае процістаўленьне гораду вёсцы. Андрэй Зорка, пабыўшы ў цырку, пабачыўшы там зьдзекаваньне над зьвярыма, ня можа гэтага зразумець і сьніць цяжкі сон: "перад вачыма Андрэя гараць агні. У вушах грыміць музыка, б'юць у бубны"... "А бізуны сьвісьцяць і ляскаюць... "Зьдзек" крычыць Андрэй з вышак, дзе ён сядзіць у цырку... "Зьдзек", — як адзін голас, адзываецца, ускаківаючы з кален, жывая грамада. Бізуны хутка падымаюцца ў гару, але дзіва: ня сьвіснулі, ня ляснулі яны, а быццам завесіліся ў гарэ, а пасьля схіснуліся і... счэзьлі“. Гэта - сон. Ён выяўляе найлепш псыхолёгію Андрэя Зоркі. Ён абураны, што людзі не пратэстуюць, і вось у сьне гэтае жаданьне зьдзейсьняецца. Маем тут паказаны і ўплыу места на вяскоўца Міхалку Гурчына, якога мучыць "нуда па сваіх". Гэтых тыпаў з'урбанізаваных у першай ступені выхаджэнцаў вёскі ёсьць у Ядв. Ш. некалькі. Яны цікаўныя і з соцыёлёгічнага, і з псыхолёгічнага бакоў.

Найлепш можа намаляваны псыхічны тып Юрчыхі ў апавяданьні "Шчасьлівая".