Старонка:Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыцьцё і літэратурная творчасьць (1933).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

складаюць апавяданьні, у якіх камізм не вынікае з сытуацыі, але з тыпу, з жыцьця, з глыбейшых слаёў. Гэткія ёсьць: "Важная фіга“, „Суд“, "Жывы нябожчык", „Што сказаў певень", а таксама "Чалавек і Хлеб", у якіх знайшла выражэньне народная мудрасьць. У гэтых апавяданьнях пераважаюць, побач з камічным, соцыяльны й псыхолёгічны матывы. У іх Ядв. Ш. адначасна і партрэтыст. Ён добры абсэрватар і ўмее вылавіць, ухапіць камізм у жыцьці.

Але камізм, які мае кроўныя сувязі з камізмам Чэхава, не зьяўляецца, як ужо сказана, адзіным і істотным матывам творчасьці Ядв. Ш.: у яго ёсьць і цэлы рад твораў сур'ёзных, глыбокіх па зьместу і мастацкіх па форме. У іх якраз Ядв. Ш., хоць, праўда, не праяўляе асаблівага творчага размаху, але глыбака дыхае, як пісьменьнік.

Галоўныя матывы сур'ёзных твораў Ядв. Ш. - гэта псыхолёгічны й соцыяльна-бытавы. Гэтыя матывы, аднак, заўсёды зьмешаны і ня існуюць зусім асобна.

У апавяданьні "З бальнічнага жыцьця" паказана ўся, нялюдзкасьць чалавека, які свайго-ж брата-чалавека трактуе мэханічна. На шпітальнай пасьцелі у палаце № 17 канае "біты з малалецтва сірата, гаротны праз увесь век свой працаўнік"... Апавяданьне абвеяна настроем спачуцьця да гэтых шэрых, няпрыкметных людзей, і гэты настрой перадаецца мімаволі й чытачу. Ядв. Ш. — мастак у перадачы настрою. І тут ізноў бачым як-бы нешта супольнае ў чалавека й прыроды. У кружэньні лістоў і непагодзе