Старонка:Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыцьцё і літэратурная творчасьць (1933).pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сьненым, які вее з першае старонкі «Васількоў»?

„Васількі закрасавалі. Не, не закрасавалі! Дзе-ж ім цяпер красаваць? Холад. Зіма. Сьнег. Не закрасавалі васількі: гэта толькі прад вачыма маімі мільганулі яны".

Той самы шляхоцкі твар, што і ў "Злодзеі", бачым мы ў "Жывым нябошчыку". Рэч дзеецца ў адным маёнтку на Беларусі ў часы паўстаньня 1863 г. Пан, паніч, Зьмітрок і прыгонны селянін ідуць на паўстаньне. Пан пакідае дачку, a селянін сына Максіма. Селянін кажа сыну на выпадак, калі-б яны не вярнуліся, слухацца паненкі, пільнаваць двара і гаспадаркі і ўсяго дабра: „Глядзі на ўсё і пільнуй, як стары сабака" - кажа бацька Максіму. Паўстанцы не вярнуліся, а Максім сумленна спаўняе загад бацькі. І тут мы бачым уплыў народніцтва і асаблівае зьліцьцё яго з шляхоччынай Ядвігіна Ш. Паненка выступае ў ролі Марцінкевічаўскіх тыпаў; між мужыцкім сынам і паненкай існуюць клясычныя ідылічныя адносіны. Яны гуляюць у карты, п'юць разам гарбату. Як Максім быў яшчэ малым, паненка яго празвала Васільком за яго вочы (мужыцкае дзіця таксама можа быць прыгожае), яна бароніць Васілька ад сярдзітага бацькі (трэба вучыць народ!), яна нават вучыць яго пісаць і чытаць (трэба прасьвячаць народ!). Гэтыя народніцкія элемэнты, зьмененыя неяк уплывам Марцінкевіча, асабліва цікава зьліваюцца з шляхоцкімі. Бо-ж тут, бязумоўна, ёсьць ідэалізацыя адносінаў паміж "мужыкамі" і "па-