Старонка:Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыцьцё і літэратурная творчасьць (1933).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

друкаванае ў № 3 першае беларускае газэты «Наша доля». Але яшчэ перад гэтым Ядвігін Ш., як кажа Гартны, у турме пераклаў на беларускую мову апавяданьне расейскага пісьменьніка Гаршына „Сыгнал" (1891 г.). Пераклад гэтага апавяданьня прыпісывае Ядвігіну Ш. і М. Пятуховіч. Ці быў аднак зроблены пераклад «Сыгналу» Ядвігіным Ш., напэўна невядома. Аўтарства перакладу прыпісывалі сабе аж два быўшыя студэнты[1]. Гэта яшчэ больш заблутывае справу. Можна напэўна сцьвярдзіць, што Ядвігін Ш. прыймаў удзел у перакладзе, які найпраўдападобней быў зроблены колектыўна.

Ядвігін Ш., як мы ўспаміналі, сустрэўся ў Маскве з народніцкім рухам, які галоўным чынам шырыўся ў Расеі. У той час тварыліся Базаравы, у той час праяўлялі дзеяльнасьць усялякія народніцкія партыі. Але ўплыў народніцтва зьверху толькі закрануў Ядв. Ш. Уплыў гэты быў налётны. Аднак, у той ці іншай форме, ён быў. І дзеяньнем гэтага ўплыву трэба вытлумачыць паўстаньне такіх глыбокіх твораў агульналюдзкага характару, як «3 бальнічнага жыцьця, «Зарабляюць» і інш. У студэнцкіх разрухах і ў адседцы ў Бутырках трэба шукаць корня абурэньня на шпегаў, а такжа некаторых іншых матываў, якія выяўляе Ядвігін Ш. у творах «Пратэст», „Сабачая служба“, у пэўнай меры „Зарабіў" і іншых.

  1. Аб гэтым мне казаў гр. А. Луцкевіч. Прозьвішчы іх аднак ён ужо не памятае.