Старонка:Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыцьцё і літэратурная творчасьць (1933).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

найбольш адпавядаючы яму. Сярод студэнтаў ішла падгатоўка да выступленьняў "з пэўнымі вымаганьнямі ўступак ад тагачаснага ўраду". Выступленьні гэтыя былі й раней. Студэнты дамагаліся эканамічных палёгак, а таксама пашырэньня сваіх правоў. Студэнцкія разрухі адбыліся нечакана для саміх студэнтаў. Арышт студэнтаў Пятроўскае Акадэміі выклікаў солідарныя выступленьні іншых студэнтаў. Паліцыя пераарыштавала студэнтаў і пасадзіла іх у „перасыльную турму" - Бутыркі - у Маскве. Сярод іх (а было іх, як падае Ядвігін Ш., 412) быу і ён сам. І вось у Бутырках, пасьля міжнароднага канцэрту украінцаў, расейцаў, палякоў і каўказцаў, беларускія студэнты пачулі асабліва балюча сваю нацыянальную абасобленасьць, пачулі тугу па сваім родным, беларускім. Тут-жа, у Бутырках, закладзены быў першы "Беларускі Гурток Моладзі ў Маскве", да якога належыць і Ядвігін Ш. Разруха, пракаціўшаяся па ўсіх унівэрсытэцкіх гарадох Расеі, хутка скончылася. Пасьля выпадкаў А. Лявіцкі далей прадоўжвае сваю навуку, працуючы таксама актыўна ў Гуртку. Разам з іншымі студэнтамі-беларусамі ён працуе над перакладам "Сыгналу“ Усевалода Гаршына, які ў 1891 г. й выдаецца Гуртком. Бліжэйшых вестак аб жыцьці А. Лявіцкага ў Маскве я дагэтуль не знайшоў. Па сканчэньні навукі й адбыцьці практыкі ў адной з маскоўскіх аптэк, Антон Лявіцкі варочаецца на бацькаўшчыну. Па павароце на Беларусь ён працуе ў аптэцы ў Радашкавічах, неда-