Старонка:Шчасьлівы муж. Ф. Аляхновіч.PDF/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гаўдэнт. Але! (дразьнячы яе) топ! топ!.. Ніякіх танцаў не скачуць сідзячы.

Магдалена (упарта). А не! Вось ёсьць такія, каторыя трэба скакаць сідзячы. Ты нічога ня ведаеш.

Гаўдэнт (бязьсільна). О, Божа, мой! Які ў яе язык! Божа мой! Не дам я з ёю раданьні… О, сьвяты Язэп! зьлітуйся нада мной!

Магдалена. О! ужо пачаў свае охі ды ўздохі! А калі-б спытацца: чаго? — дык дальбог няма ведама.

Гаўдэнт. Магдзя! зашто мучаеш мяне? Зашто?! Я-ж табе сягоньня купіў матэрыі на спадніцу, думаў зрабіць сабе новыя портачкі, але вось купіў табе на спадніцу, бо сягоньня твае імяніны; для цябе я купіў гэтага віна, якога ніхто піць не хацеў, праз цябе я брытвай парэзаўся, — я для цябе ўсё, а ты што? Ты з гэтым графам шашні заводзіш!.. Ах, Божа мой! Божа мой!

Магдалена. Ну, ужо пачаў стагнаць, быццам скуру хто з яго абдзірае!

Гаўдэнт. Ты сэрца мне з грудзей выдзіраеш, гадаўка ты!

Магдалена. Калі ласка! Толькі бяз гэтакіх хамскіх слоў! Вось яшчэ чаго! Лаяцца пачаў! „Гадаўка!“ Падумаеш!.. Сам ты гад, хам, мужык!

Гаўдэнт. Палятуха!

Магдалена. Мядзьведзь касалапы! Стары чорт!

Гаўдэнт. Магдзя! Змоўкні, бо не стрываю!