Перайсці да зместу

Старонка:Шчасьлівы муж. Ф. Аляхновіч.PDF/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Магдалена. Прыйсьці? Калі? Першы раз чую.

Гаўдэнт. Але! „Першы раз чую!“ А я вось, сідзячы там за канапай, усё вельмі добра чуў.

Магдалена (ірон.). Ах, як хораша! Схаваўся як жулік пад канапу і падслухоўвае чужую гутарку! Фі! Які сорам!

Гаўдэнт. Ты мне зубы не загаварывай, а скажы мне вось, чаму ён казаў табе „ты“? Скуль-жа гэткае ўжо блізкае знаёмства?

Магдалена. Што?! Нічога падобнага! У цябе мусіць ужо ў вушох зьвініць ад злосьці або ты аглох.

Гаўдэнт. Не! Я добра чуў, як ён казаў табе „ты“… А чаму ён называў цябе „пумпачка“? Га? Можа й гэта няпраўда?

Магдалена. Казаў „пумпачка?“ Вось далібог не памятаю… Ну, калі казаў „пумпачка“, значыцца ёсьць такое слова.

Гаўдэнт. А я не хачу, каб ён называў цябе «пумпачкай»! Чуеш?

Магдалена. Вось яшчэ чаго! Ты думаеш, граф будзе цябе пытацца, што ты хочаш, а чаго ня хочаш… Падумаеш! Фігура вялікая! (хоча йсьці).

Гаўдэнт (устрымаўвае яе). Пачакай! Яшчэ ня ўсё… А чаму ты з ім цалавалася? Можа скажаш, што й гэта няпраўда?

Магдалена. Што?! Як ты сьмееш казаць мне гэтакае! Мы зусім не цалаваліся, а граф навучаў мяне скакаць адзін новы загранічны танец — «тіп-топ».