Старонка:Шчасьлівы муж. Ф. Аляхновіч.PDF/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гаўдэнт (зьдзіўлены). А гэта-ж як? што-ж гэта значыць?

Магдалена. А вось: ты ня ведаеш, а я ведаю! (як выш.). Жэ ву зэм, жэ ву задор…

Гаўдэнт. Жывы сэм, жывы задор… Які гэта задор?

Магдалена. Гэта значыць: я вас люблю больш чымсь жыцьцё сваё… Ну, але ты хутчэй ідзі купі віна, бо скора ўжо мабыць госьці пачнуць зьбірацца.

Гаўдэнт (голіцца). Зараз, я толькі, коцік, кончу… Я ўжо зараз.

Магдалена. Ня трэба канчаць, і так добра будзе.

Гаўдэнт. Але як-жа ж так, Магдзя! Поў барады аголена…

Магдалена. Пасьпееш пасьля агаліцца, як прыдуць госьці: сядзеш сабе ў кухні і ніхто табе ня будзе перэшкаджаць… (крычыць). Ну, чуеш, ці не? Зараз ідзі, а то крамы зачыняць!

Гаўдэнт (ад яе крыку ўздрыгнуў). Ай!.. у! чорт, парэзаўся!.. А я-ж прасіў цябе, коцік, не крычаць, бо рука дрыжыць (абцірае твар ручніком).

Магдалена. А я табе даўно ўжо казала: ідзі! Каб паслухаўся, дык-бы й не парэзаўся… Чакай, я табе дам плястар. (Ідзе да камоды, выймае чорны плястар, адрэзвае кусок і дае мужу).

Гаўдэнт (перад люстэркам заклейвае сабе парэзаную частку твару).

Магдалена. Ну, хутчэй-жа! хутчэй!

Чуваць званок за сцэнай.