Старонка:Шчасьлівы муж. Ф. Аляхновіч.PDF/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гаўдэнт. Для мужчын ёсьць спіртус і гарэлка.

Магдалена. Ты зноў сваё: гарэлка!.. Дурны!.. Але я кажу, калі прыйдзе раптам якая рыстакратычная асоба, што тады?

Гаўдэнт. Ня прыйдзе, коцік! Я гэтакіх не прасіў.

Магдалена. Дурны, як бот. А вось можа й прыйдзе!

Гаўдэнт (да сябе). А чорт! брытва тупая… (да жонкі). Не, Магдзя-коцік, ня прыйдзе.

Магдалена. А вось ты ня ведаеш! А я кажу, што можа прыйсьці. Справа ў тым, што да Фэлькі падлабуніваецца адзін граф і яна мне казала, што ён хоча разам з ёй сюды прыйсьці.

Гаўдэнт (вельмі зьдзіўлены). Граф!!

Магдалена. Ага! Вось разьзяўляй цяпер рот!.. Ты думаў, што на мае імяніны павінны зьбірацца толькі розныя шаўцы ды краўцы ды твае сябры пьяніцы. А вось можа прыйсьці й чэлавек з вышэйшага сьвету.

Гаўдэнт. Але лепш было-б, коцік, каб была свая кумпанія… Выпілі-б, паскакалі… А то гэтакі граф дык ён як пачне зараз праз нос барматаць: он-он! сон-сон! — а чэлавек нічагусенькі не разумее.

Магдалена. Дурны не разумее. А я вось разумею… Ну, ведама, ня ўсё, але шмат разумею… (ходзіць падскакваючы па сцэне і пяе пад нос). Жэ ву зэм, жэ ву задор, ком ле ш’ен, кі э мор!