Старонка:Шчаслівая дарога (1935).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Грышку сум праняў наскрозь,
— Бедны Лось,
Харошы Лось,
Як жывеш, ці ўспамінаеш?
З кім цяпер ты байкі баеш?
Падрасту, цябе з нягоды
Забяру я назаўсёды…
І ў мурожныя даліны
Беглі думкі-успаміны,
Завіваліся ў вянок;
Беглі лётам жураўліным,
Беглі лётам сакаліным,
Аж пакуль на перапынак
Не пазваў дзяцей званок.

Грышка ўздрогнуў…
Звонкі выбух,
Аж дрыжаць у вокнах шыбы,
Карты гойсаюць на сценках,
Гэта значыць —
Пераменка!
Гэта значыць — звонкай бурай
Непакорнай і шчаслівай
Ускрыляла весялосць.
Толькі Грышка сумны, хмуры,
Ён трымаўся сіратліва,
І бурчэў сабе нудліва:
— Бедны Лось,
Харошы Лось!