Старонка:Штурм (1930).pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

… Здаецца, далёка часіна тых буру, —
Вільготная, жорсткая восень…
На месцы халупы —
будуецца мур,
Жыцьцё ў берагі ўлілося.

І з кожнай цаглінаю —
новы размах,
Напружанасьць новых стараньняў
І так, паступова, ўзьнімаецца гмах,
Нязнаных дагэтуль сьвітаньняў!


∗     ∗

Каля рэчкі-шумнацечкі
Выцьвілі гады.
Дзе хіліліся мястэчкі —
Стануць гарады!

Дзе пярсьцёнкі ніцых межаў
Аплялі палі —
Глебу трактарам узрэжуць
Снайпэры зямлі!

Лемяшом сталёвым грызьці
Без мяжы прастор,
Дзе калісьці кволым лісьцем
Захлынаўся бор.

Знаць, запалы не запалі,
Ня дрыжаць масты,
Шлях надзейны мы абралі, —
Мэта —
Колектыў!