Старонка:Штурм (1930).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НА ВУЛІЦЫ

У гэты дзень
цьвіло наўкольле,
Быў лёгкаплынным
кожны ўздых:
Сьвяточны дзень
для нашай волі
І дзень хаўтураў
для чужых.
Там, дзе жыцьцё
бурліць крыніцай,
Каб змрок ня пляміў
Люстра дзён —
Зьнімалі з ветхае званіцы
Пазелянелы, стары звон.
У бляску сонца
млелі далі,
Пыхцеў ля ганку грузавік.
І людзі радасна ўбівалі
Ў труну старога
лішні цьвік.