Старонка:Шляхам змаганьня.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А Амброжы—галубочак
Да Настулькі чэша сьпешна…
І за хату ў садочак
Разам з ею сеў усьцешна.
Было ціха у садочку;
Зоркі ясныя сьвяцілі;
У зацішным там куточку
Так абое лятуцелі:
Прыдзе час, калі мы пойдзем
З вёскі ў вёску, з хаты ў хату
І будзіць народ мы будзем
І — нясьці пацеху брату;
Збудзім мы народ пакутны,
Каб устаў ён — зварухнуўся
І каб выдаў зоў магутны,
Каб аж сьвет ускалыхнуўся.
Каб распутаў ён пагоню,
Каб сваіх бацькоў быў годны,
Каб узяў ён меч ў далоню
І падняў свой сьцяг народны…
І калі яны сядзелі,
Быццам тыя галубочкі,
Тут ня стуль ня зсюль ўляцелі
Добра знаныя паночкі.
Наш Амброжы дагадаўся,
Што за справа іх прыводзіць:
Часта з імі спатыкаўся —
Ўрэшце, хто з нас ім дагодзіць…
І зрабілі вобыск ў хаце,
Як у злодзея якога
І ўжо на‘т арыштаваці
Захацелі, быццам злога.
Але з ім ня лёгка справа:
Калі стаў у небясьпецы,
Дык забыўся ён, што права
Дзесь існуе тут на сьвеце.